Поиск

среда, 2 июля 2014 г.

Беларускамоўнасьць Лукашэнкі – сьведчаньне таго, што ўсё дрэнна

І ня болей за тое.

Зусім нечакана Лукашэнка, на афіцыйным ўзроўні, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 70-годдзю вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,  загаманіў па-беларуску. Такое, прынамсі, на маёй асабістай памяці, зь ім здараецца ў другі раз за 20-гадовую кар’еру прэзідэнта. Дапускаю, што я нейкі выпадак мог запамятаваць – хай, трэці. Наўрад ці больш.

Прачытаў каментары некаторых аналітыкаў, якія з большага разважаюць пра тое, што Лукашэнка занепакоены агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі, і, самае галоўнае, тым каласальным ўзроўнем падтрымкі, які гэтыя дзеяньні сустракаюць на Беларусі сярод мясцовага люду. Агульная думка зводзіцца да таго, што ён, быццам бы, пачуў, што такі ўзровень русіфікацыі насельніцтва прадстаўляе рэальную пагрозу ягонаму рэжыму.

Мне падаецца, што гэтыя думкі ня маюць пад сабой аніякіх падставаў. Бо, відавочна, каб пераламіць тэндэнцыю ды зьнізіць ўзровень русіфікацыі, аднае правомы на Мове – замала. Тут патрэбна цяжкая, сыстэмная, прадуманая і неагрэсіўная праца, праца на ўсіх ўзроўнях дзяржаўнай вертыкалі, якая, без аніякіх сумневаў, на такую працу, ў сёньняшнім сваім выглядзе, ня здольная. Але хай бы, нават, і была здольная: каб атрымаць нейкі вынік, тут спатрэбяцца гады, а іх, калі сапраўды разглядаць русіфікацыю як пагрозу, ўжо няма, бо Расея дзейнічае тут і цяпер. “Тут і цяпер” – гэта і расейскія вайскоўцы на беларускім парадзе таксама. Адна з шматлікіх ілюстрацыяў.

Такім чынам, з пункту гледжаньня барацьбы за незалежнасьць, ці, можна сказаць і так, абароны існуючага рэжыму, прамова Лукашэнкі ня мае ніякага сэнсу. Дзіўна было б, калі б ў ягонай адміністрацыі гэтага не разумелі.

Такая прамова, безумоўна, ёсьць пэўным сыгналам. І, думаю, што гэты сыгнал – не дзеля ўнутранага карыстаньня.

Справа ў тым, што хутка – чарговае “пераабраньне” Лукашэнкі на прэзідэнцкую пасаду. “Пераабраньне” па календару, а грошай няма. Расея паабяцала крэдыт ў 2 млрд., але яго, таго, што абяцана, няма. З дзяржбюджэту атрымалі 440 млн. Яшчэ дае банк ВТБ, але гэта брыдж-крэдыт, ён хуткі, пад вялікія адсоткі, і ён дае толькі магчымасьць аператыўна залатаць нейкія дзіркі, але не пратрымацца да, прынамсі, канца 2015 году.

І зусім невыпадкова мы зараз назіраем вялікую актывізацыю беларускае дыпляматыі на Заходнім накірунку, якая дайшла, нават, да вызваленьня Бяляцкага. Грошы патрэбны, патрэбны вялікія грошы. А Расея, я так думаю, не дае не таму, што ня хоча. Расея не дае таму, што ў яе няма. Тут, днямі, Сеціва абляцела навіна пра тое, што на Крым пайшлі нават сродкі с расейскага пенсійнага фонду. Навіна – не навіна: аб тым, што гэта плянуецца, мімалётам ўзгадвалі расейскія СМІ яшчэ вясной, і тое, што адбылося, было чакана. Бо расейская эканоміка – ў рэцэсіі, сродкаў не стае на выкананьне сац. праграмы Пуціна, тут яшчэ Крым, і, дарэчы, газавая дамова з Кітаем, згодна зь якой каласальныя рэсурсы патрэбны дзеля пабудовы новае трубы. Рэсурсаў няма, і міжнародныя фінансавыя інстытуты зараз, ў сувязі з геапалітычнай абстаноўкай, Расеі – дрэнныя памочнікі.

Тое, што Лукашэнка кінуўся на Захад, сьведчыць аб тым, што выбіць сур’ёзную падтрымку ад Масквы, прынамсі зараз, ў яго не атрымалася.

А вось тое, што ён, раптам, зьвярнуўся да нацыянальнай рыторыкі ды роднай Мовы, сьведчыць аб тым, што ў яго нічога не атрымліваецца і на Захадзе. Ну, можа, з палітычнай кропкі гледжаньня, нешта і атрымліваецца, але не атрымліваецца то галоўнае, дзеля чаго ўсё пачыналася: атрыманьне халяўных грошай.

Ў бязвыхаднай сытуацыі Лукашэнка заўсёды вяртаецца да базавага донару – тая ж Масква. Хай ёй там бракуе грошай, але ў палітычных мэтах яна ўсё адно можа і апошняе аддаць. І, каб выцягнуць тое, што яму патрэбна, Лукашэнка зьвяртаецца да свайго звыклага інструманту – шантажу.

Раней, ў падобных выпадках, ён шантажаваў Маскву сыходам зь яе геапалітычнай арбіты ў Заходнім накірунку. Але, калі праўда тое, што “буржуі” яму грошай не даюць, то ў Маскве гэта выдатна ведаюць, і інструмант губляе ўсялякі сэнс і эфектыўнасьць.

Але Лукашэнка добра ловіць трэнды. Зараз ў трэндзе “рускі сьвет”. І, на шляху да маскоўскіх грошай, ён намацвае новую тэму дзеля спекуляцый: гандаль нацыянальнай сьвядомасьцю.

Ягоная прамова – гэты сыгнал Пуціну: “Калі вы не будзеце падтрымліваць нас такімі, якія мы ёсьць, лаяльныя да Масквы і больш рускія, чым самі рускія, то мы можам зьмяніцца, ўзгадаць, што ў нас, як і ва ўкраінцаў, ёсьць свая мова і гісторыя, і тады, з цягам часу, вы таксама як і Украіну, згубіце і Беларусь”. І вось тут ўжо, па разьліку “чырвонага дому”, Пуцін мае зразумець: калі ён хоча захаваць Беларусь і беларусаў як частку ягонага “рускага сьвету”, ён мусіць плаціць. Бо аддзяленьне можна пачаць нават не на палітычным ўзроўні, а на ўзроўні нацыянальным, ўзроўні каштоўнасным, ўзроўні гістарычынам – і менавіта гэтым Лукашэнка пагражае зараз Пуціну.

Так гэта, ці ня так, пакажа ўжо бліжэйшы час. Калі раптам, ва што я ня веру, на Беларусі, пад кіраўніцтвам Лукашэнкі і пры ўдзеле ягонай саўковай вертыкалі, пачнецца пасьлядоўная беларусізацыя, гэта будзе азначаць, што аналітыкі правы, і ў антысанітарна-вялікім ўзроўні пра-расейскіх настрояў ў беларускім грамадстве Лукашэнка пабачыў пагрозу асабіста дзеля сябе, а цяпер імкнецца выправіць сытуацыю.

Калі ж гэтага не адбудзецца, і пасьля гэтай ягонай прамовы ўсё пойдзе, як і шло, гэта будзе азначаць, што справы беларускага кіраўніцтва настолькі дрэнныя, што нават ягоная геапалітычная арыентацыя ўжо не цікавіць ніводнага з патэнцыйных “купцоў” – за яе як такую грошай не даюць. І застаецца гандляваць ўжо нацыянальнай арыентацыяй.


Цікава толькі, як ён будзе гандляваць “таварам”, на сапсаваньне і зьнішчэньне якога сам асабіста патраціў 20 гадоў сваёй “працы” на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе… 

Комментариев нет:

Отправить комментарий