Сьвята Дня Волі –
25 сакавіка – сьвяткуецца на Беларусі ўжо шмат год. І аммаль ўсе, хто хаця б
крыху ведае гісторыю сваёй краіны, шануе яе і ганарыцца ёй, гэтае сьвята
адзначаюць.
Як і ў кожным
іншым сапраўдным нацыянальным сьвяце, ў Дні Волі крыецца вялізарны патэнцыял. Гэты
патэнцыял выключна стваральны, выключна пазітыўны, ён, калі будзе правільна
выкарыстаны, можа стаць тым імпульсам, стымулам, які будзе здольны сфармаваць
сучасную беларускую нацыю – еўрапейскую нацыю.
Сымбалі
адыгрываюць ў нашым жыцьці першасную ролю. Пры ўсёй сваёй умоўнасьці, пры тым,
што, як падаецца, яны не ўплываюць наўпрост на ўзровень і якасьць нашага
жыцьця, яны, тым ня меньш, фармуюць нашы сьветапогляды і, тым самым,
праграмуюць нашыя паводзіны, і, натуральна – іх вынік. Як і ёсьць, ў
канчатковым выглядзе, нашым жыцьцём: добрым, ці, наадварот, дрэнным. Калі у
афіцыйнай ўлады сымбалі збольшага савецкія, то мы і жывем як пры СССР, з
папраўкамі на час і на сучасныя умовы.
Дык а ці
адыгрывае сёньня нашае галоўнае сьвята – Дзень Волі, тую ролю, якую можа
адыгрываць? 25 сакавіка 1918 году стварылася незалежная беларуская дзяржава і,
калі б не гэты гістарычны момант, цалкам магчыма, не было б потым БССР і сёньня
– тае Беларусі, ў якой мы жывем. Гэты дзень – дзень вялікага, лёсавызначальнага
стварэньня, нясе ў сябе выключна пазітыўную энергетыку.
Ўсе мы прагнем
пераменаў. Ўсе мы хочам жыць у, найперш, вольнае і заможнае,с учаснае і
эўрапейскае краіне. І мы пратэстуем ў гэты дзень – галоўны наш сьвяточны дзень
на год, супраць тых парадкаў, якія ўсталяваліся ў краіне дзякуючы існуючае
ўладзе і якія перашкаджаюць нам будаваць Беларусь менавіта такой дзяржавай, як
мы марым.
Пратэст. А ці
задумываемся мы аб тым, што, каб пратэст быў эфектыўным, каб ён даваў плён, пратэставаць
мусіць НАЦЫЯ, а не асобныя групы гэтай нацыі. І, калі задумацца, ці ня ў тым
прычына таго, што Дні Волі зьбіраюць ўсё меньш і меньш людзей, што Сьвята стала
не сымбалем стварэньня, а сымбалем пратэсту, які – не аб’ядноўвае сёньня ўсю
нацыю, не падзяляецца калі не большасьсю, то, прынамсі, значнаю часткаю
беларускага народу?
Патэнцыял Дня
Волі, на маю думку, палягае ў тым, што гэта – патэнцыйна галоўнае сьвята
беларускага народу, а не нагода дзеля пратэсту. Ў гэты дзень беларусы самых
розных палітычных поглядаў павінны аб’ядноўвацца дзеля таго, каб адзначыць сам
факт існаваньня беларускае дзержава, ўьсміхнуцца адзін адному, павіншаваць і
памарыць пра ўжо блізкую, вельмі шчасьлівую будучыню. Сымбаль, сьвята, мусяць
быць не палітычнымі, не “апазыцыйнымі”, яны мусяць быць агульнанацыянальнымі,
аб’ядноўваючымі і пазітыўнымі. Пратэставаць можна ў любы іншы дзень, а ў дзень
галоўнага беларускага сьвята трэба крычэць на кожным вуглу: МЫ – БЕЛАРУСКІ НАРОД,
І МЫ – ЁСЬЦЬ!!!
І калі такое сьвята
насамрэч стане агульным, калі яго будуць падзяляць ўсе, хто лічыць сябе
беларусам, тады той, каму яно не падабаецца, апынецца па-за народам, дзяржавай
і… гісторыяй.
І варта задумацца
ідэёлягам сьвяткаваньняў Дня Волі, на будучыню6 ці не надыйшоў час
пераасэнсаваць гэтае сьвята, ператварыць яго з Дню пратэсту ў дзень Моцы,
Адзінства, Салідарнасьці ды Шчасьця? Ў дзень не пакрыўджаных, але – моцных. Не
маленькіх, але – вялікіх і магутных гаспадароў сваёй зямлі?!
Асабіста ў мяне
няма сумневаў: толькі тады сымбаль Волі, 25-е сакавіка, рэалізуе свій патэнцыял,
калі выбярэцца з вузкага рэчышча нагоды дзеля апазыцыйнага пратэсту, на ролю
агульнага, пазітыўнага Сьвята. Сьвята, якое стварае моцную нацыю.
Жыве Беларусь!
Комментариев нет:
Отправить комментарий